УКРАІ́НСКАЯ МО́ВА,
адна з усходнеславянскіх моў, мова ўкраінцаў, дзярж. мова Украіны. Пашырана на Беларусі, у Расіі, Польшчы, Чэхіі, Канадзе, ЗША і інш.
Вылучаюць 3 групы дыялектаў У.м.: паўд.-зах., паўд.-ўсх. і паўн.; у апошніх шмат агульных рыс з паўд.-зах. гаворкамі бел. мовы [дыфтонгі на месцы «ѣ», а таксама «е», «о» ў закрытым складзе пад націскам, цвёрдыя «р», «ц», сцягнутыя формы прыметнікаў (назоўны склон у ніякім і ж. р.), у м. р. ўжываюцца, як і ў бел. мове, скарочаныя формы — «чорни», «добри»]. У аснове літ. У.м. — паўд.-ўсх. дыялект. У фанетыцы стараж.-рус. «ѣ», а таксама «e» і «о» ў закрытых складах перайшлі ў «і», стараж. «і», «ы» супалі ў адным галосным «и»; захоўваецца рознае вымаўленне ненаціскных «a» і «о» (няма акання), спалучэнні «ръ», «лъ» перайшлі ў «ри», «ли» («кривавий», «глитати»; параўн. бел. «крывавы», «глытаці»); шыпячыя «ж», «ч», «ш» зацвярдзелі, губныя і «р» зацвярдзелі на канцы склада; спалучэнні шэрагу зычных з «j» Далі падоўжаныя мяккія зычныя «лл», «нн», «шш» і інш. («знання», «життя», «ніччю»), як і ў бел. мове; зычныя не памякчаюцца перад «е», «и», але памякчаюцца перад «і»; «ц» мяккае, апрача пазіцыі перад «е», «и», на месцы даўняга канцавога «л» ужываецца гук «ў» (графічна «в» — «ходив», «вовк»; параўн. бел. «хадзіў», «воўк»). Пры словазмяненні і словаўтварэнні захавалася чаргаванне «г», «к», «х» з «з», «ц», «с» у давальным і месным склонах; асобнае скланенне захавалі назоўнікі ніякага роду тыпу «теля — теляти»; у назоўным і вінавальным склонах прыметнікі маюць скарочаныя формы ў ніякім і ж.р. адзіночнага ліку і ў множным ліку; у спражэнні выкарыстоўваюцца будучы час незакончанага трывання («писатиму»), страчана «-т» у 3-й асобе адзіночнага ліку дзеясловаў 1-га спражэння («пише»). Асаблівасці сінтаксісу — безасабовыя сказы з гал. членам, выражаным нязменнай формаю дзеяслова на «-но», «-то» («коня купано»), іменны выказнік, выражаны формай вінавальнага склону з прыназоўнікам «за» («був у родині за старшого»), прыдзеяслоўныя канструкцыі з давальным склонам («дякувати йому»), вінавальным («зрадитикого, що») і інш. Лексіка У.м. блізкая да бел., аснову яе складаюць словы агульнаслав. паходжання. У літ. У.м. ёсць беларусізмы («дьоготь»), адпаведна ў бел. мове — украінізмы.
Разам з бел. і рус. мовамі развівалася са старажытнарускай мовы. У ранні перыяд свайго развіцця (14—15 ст.) У.м. працягвала традыцыі Кіеўскай Русі, але паступова, пад уплывам жывой мовы, пачала фарміравацца ў стараўкр. кніжную мову. Пісьмовыя помнікі У.м. вядомы з 14 ст. — граматы, Перасопніцкае евангелле 16 ст. Кнігадрукаванне пачалося з 2-й пал. 16 ст. Алфавіт створаны на аснове рус. графікі (32 літары), ужываюцца таксама літары «і», «ї», «є», апостраф. Літ. У.м. сфарміравалася ў канцы 18—19 ст. і канчаткова замацавалася ў творчасці Т.Шаўчэнкі.
Літ.:
Сучасна українська літературна мова. Кн. 1—5. Київ, 1969—73;
Історія української мови. [Т. 1—3], Київ, 1978—83;
Курс історії української літературної мови. Т. 1—2. Київ, 1958—61;
Лемцюгова В.П. Украінска-беларускі слоўнік. Мн., 1980.
В.А.Чабаненка.
т. 16, с. 207